АЛІМПІ́ЙСКІЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

спартыўныя дысцыпліны, прызнаныя міжнар. алімпійскім к-там (МАК) і ўключаныя ў праграму Алімпійскіх гульняў. Гал. ўмовы прызнання алімпійскіх відаў спорту — вял. іх пашырэнне ў свеце, наяўнасць міжнар. спарт. федэрацый і іх прызнанне МАК, правядзенне сусв., рэгіянальных, нац. чэмпіянатаў, кубкавых турніраў.

Алімпійскімі відамі спорту могуць стаць тыя спарт. дысцыпліны, якія пашыраны не менш як у 40 краінах 3 кантынентаў у спаборніцтвах мужчын і не менш як у 25 краінах 2 кантынентаў у спаборніцтвах жанчын — для летніх Алімпійскіх гульняў, не менш як у 25 краінах 2 кантынентаў (мужчыны) і 20 краінах (жанчыны) — для зімовых Алімпійскіх гульняў. Як выключэнне да алімпійскіх відаў спорту традыц. адносіцца бобслей.

т. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)